2014-02-24 13:37:28

Беларусь: разводзіцца кожная чацвёртая сям’я


RealAudioMP3 Кожны год статысты робяць сваю працу – падлічваюць асноўныя сацыяльныя паказальнікі. З’явіліся свежыя лічбы – у Беларусі ў 2013 г. колькасць шлюбаў павялічылася на 14%, а разводаў – паменшылася на 7%. Тэндэнцыя быццам бы і добрая, але ўсё ж гэта невялікія ваганні ў параўнальнай табліцы. Да гэтай пары Беларусь займае другое месца у свеце па колькасці сем’яў, якія распаліся. Зараз кожная чацвёртая сужэнская пара ідзе на развод, яшчэ некалькі гадоў таму карціна была яшчэ горшай: распадаліся 9 з 10 зарэгістраваных шлюбаў. Пік разводаў прыходзіцца на першыя гады сямейнага жыцця. У гэтым выпадку развод тлумачаць: “не сышліся характарамі”, але за гэтай фармуліроўкай, лічыць Ірына Шмак, кансультант па сямейных пытаннях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, крыецца эгаістычны падыход: маладыя людзі шукаюць эмоцый, нейкага статуса, але не сапраўднага сэнсу шлюба.

“Трэба адзначыць, што ў католікаў няма паняцця “развод”. Калі людзі рыхтуюцца да шлюбу, яны абяцаюць быць разам на ўсё жыццё. Таму трэба да шлюба добра падрыхтавацца на ўсіх узроўнях – духоўным, псіхалагічным, фізічным. Толькі калі добра будзе падрыхтаваны грунт да шлюба, можно будзе казаць аб сапраўдным шлюбе”, - сказала яна ў інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Другі пік разводаў – праз 10-12 год сумеснага жыцця. Прычыны – стомленасць абавязкамі, пераход у новую якасць, страта зносін і нават адсутнасць агульных тэм для размовы. Пераадолець сямейны крызіс беларускім сем’ям дапамагаюць спецыяльныя ўстановы і адмысловыя рухі, якія існуюць у Каталіцкім Касцёле ў Беларусі шмат гадоў.

Формаў дапамогі шмат – сужэнскія супольнасці, кансультацыі псіхолага, размова са святаром, рэкалекцыі, сумесныя малітвы – было б толькі жаданне захаваць сям’ю, падкрэсліла Ірына Шмак. “Перш за ўсё самая вялікая дапамога – гэта дапамога Бога ў звычайнай споведзі. Каб чалавек перад Богам адкрыўся ў граху і прызнаў, што ў мяне ёсць праблема. Калі людзі перажываюць крызіс, іх адносіны пераходзяць на новы ўзровень. Вельмі шмат такіх людзей і яны сапраўды становяцца сведкамі глыбіні ў адносінах: яны больш давяраюць адзін аднаму, яны вучацца ахвяраваць свой час, свае сілы, сваю любоў чалавеку, які знаходзіцца побач. Ёсць тыя, хто вырашае потым, што больш дзяцей можа нарадзіць. Ёсць тыя, хто становяцца сямейнымі кансультантамі і самі дапамагаюць сем’ям, якія апынуліся ў крызісе”, - падкрэсліла кансультант.

Чаму менавіта ў Беларусі жудасныя лічбы разводаў (наперадзе толькі Расія)
і ў чым прычыны – задаюцца пытаннем спецыялісты. Для гэтага ёсць і гістарычныя перадумовы: у СССР развод быў афіцыйна дазволены пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі – пры гэтым яго можна было атрымаць адразу ж пасля падачы заявы мужам ці жонкай. Занадта ліберальныя погляды ў адносінах да развода і сёння, моду на якія дыктуюць таксама і выклікі сучаснага свету. Людзі ўяўляюць сабе, што гэта самы лёгкі выхад, але, наадварот, развод цягне за сабой яшчэ большыя праблемы.

“У нашым грамадстве станоўчыя адносіны да разводу. Гэта з’ява не крытыкуецца. Існуе нават такое паняцце як “цывільны” развод, калі кажуць “разышліся мірна”, “не пасварыліся”, “пасля разводу засталіся сябрамі”. Гэта гаворыць аб тым, што на гэта ёсць дазвол грамадства і няма разумення аб тым, што такое сапраўднае сужэнства, у чым яго сутнасць. Што гэта асвечаны саюз людзей, якія разам вырашылі ісці да Бога. Гэтага эсхаталагічнага аспекта шлюбу няма ў сучасным мысленні”, - сказала Ірына Шмак.

Ёсць яшчэ адна праблема – так званыя “грамадзянскія шлюбы”, прасцей кажучы, сужыццё жанчыны і мужчыны. Колькасць іх таксама расце – хоць ніхто не падлічваў, але бачна няўзброеным вокам. За іх кошт, магчыма, колькасць разводаў і паменшылася. Бо калі афіцыйнага шлюбу няма – афіцыйна няма і развода. Але прынцыпова сітуацыю гэта не змяняе. Наступствы сужыцця (не менш горшыя, чым пасля развода) пажынаюць абодва, а яшчэ і дзеці. Калі казаць аб афіцыйна зарэгістраваных шлюбах, то зараз, адпаведна нядаўна прынятай заканадаўчай папраўцы, развесціся можна не толькі ў судзе, але і ў ЗАГСах (калі ёсць пагадненне паміж мужам і жонкай, няма непаўналетніх дзяцей і маёмаснай спрэчкі). Большая частка разводаў прыходзіцца менавіта на такія выпадкі, а значыць загубіць сям’ю можна як кажуць без шуму і пылу. Але ж да чаго прывядзе гэта “хутка і безбалюча” пакуль не ведае ніхто.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.