cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:
Ватыканскае радыё

Галоўная / Касцёл

“100 пытанняў – 100 адказаў”. Якія выдатныя постаці звязаны з гісторыяй Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё?


RealAudioMP3 Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё на працягу доўгіх гадоў з’яўляецца сапраўдным ланцугом, які злучае беларускіх вернікаў з цэнтрам Паўсюднага Касцёла. Ужо амаль 65-гадоў дзякуючы яе супрацоўнікам “голас Папы” гучыць на беларускай мове, беларускія вернікі могуць атрымліваць інфармацыю пра дзейнасць Апостальскай Сталіцы і жыццё каталіцкіх супольнасцяў ва ўсім свеце. Акрамя таго, з гісторыяй Беларускай рэдакцыі звязаны лёсы шматлікіх выдатных беларускіх святароў і патрыётаў. Пра іх мы пагаворым сёння.

Першым кіраўніком і душой Беларускай рэдакцыі на працягу 20-ці гадоў, з 1950 па 1970 гг., быў каталіцкі святар з Піншчыны кс. Пётр Татарыновіч. У даваенныя часы ён займаўся душпастырскай і настаўніцкай дзейнасцю, друкаваўся ў беларускіх рэлігійных часопісах і рэдагаваў некаторыя з іх. Кс. Татарыновіч, акрамя клопату пра збаўленне душаў, актыўна займаўся адраджэннем беларускай культуры, за што неаднойчы падвяргаўся пераследу. Па прыбыцці ў Вечны горад, восенню 1945 г., ён паступіў у Папскі ўсходні інстытут, дзе абараніў доктарскую дысертацыю, прысвечаную духоўнаму навучанню св. Кірылы Тураўскага. На Ватыканскім радыё ён заснаваў Беларускую рэдакцыю, для якой сам пісаў навіны, перакладаў прамовы Святога Айца, апавядаў пра жыццё беларускай эміграцыі. З 1950 па 1975 гг. пад яго рэдакцыяй выйшлі 120 нумароў часопіса “Źnič”, які друкаваўся ў Рыме па-беларуску лацінкай. Ён займаўся перакладамі на беларускую мову Святога Пісання, мастацкіх кніг, перавыдаваў малітоўнікі. Да канца жыцця ён марыў толькі аб адным – духоўным адраджэнні беларускага народа і прысвячаў спаўненню гэтай мары ўсе свае сілы.

У 1962 г. на дапамогу кс. Татарыновічу прыбыў яшчэ адзін беларускі святар, айцец Кастусь Маскалік. Ён працаваў на Ватыканскім радыё аж да 1985 г. Яго жыццё вельмі цікавае: юнак з Гарадзеі на працягу некалькіх гадоў быў паслушнікам у Жыровіцкім праваслаўным манастыры, потым вырашыў стаць католікам і нават некаторы час жыў у грэка-каталіцкім кляштары пад Львовам. З нападам нацыскай Германіі на Савецкі Саюз быў мабілізаваны, але скарыстаўся магчымасцю ўступіць у польскую армію генерала Андэрса, разам з якой праз Іран, Ірак, Палестыну і Егіпет апынуўся ў Італіі і нават прымаў удзел у бітве за Монтэ-Касіна. У Вечным горадзе, у 1955 г. а. Маскалік атрымаў святарскае пасвячэнне. Ён кіраваў Беларускімі каталіцкімі місіямі ў Лондане і Парыжы, пасля чаго вярнуўся ў Рым для працы на радыё. На працягу доўгага часу ён быў голасам Беларускай рэдакцыі – менавіта а. Кастусь Маскалік чытаў у эфіры навіны.

Некаторы час кс. Татарыновічу дапамагаў айцец Тамаш Падзява – святар з Віцебшчыны, мар’янін і місіянер, які працаваў у Кітаі, але быў арыштаваны камуністычнымі ўладамі і змешчаны ў лагер. Па вызваленні, у 1969 г., ён на некаторы час прыбыў у Рым, дзе уключыўся ў працу Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. Айцец Падзява меў цудоўныя пісьменніцкія здольнасці і прайшоў адукацыю ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце, што давала яму магчымасць рыхтаваць глыбокія і цікавыя матэрыялы. Пазней, жывучы ў Лондане, ён перасылаў іх у Рым для трансляцыі на хвалях Ватыканскага радыё.

У 1970 г. кс. Татарыновіч дасягнуў пенсійнага узросту і на пасадзе кіраўніка Беларускай рэдакцыі яго змяніў грэка-каталіцкі святар, мар’янін, айцец Леў Гарошка – беларускі рэлігійны і грамадскі дзеяч, даследчык гісторыі рэлігіі ў Беларусі, культуролаг і пісьменнік. Напэўна, многім вядомыя словы беларускага рэлігійнага гімну, яго аўтарства:

“Божа што калісь народы
на асобкі падзяліў
і хацеў, каб народ кожны
роднай мовай гаварыў.
Узглянь-жа народ бяздольны
Беларускі, што у Табе
голас ціхі, паднявольны,
у пакорнай шле мальбе...”

Да пачатку працы на радыё ён быў кіраўніком Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане, дзе адчуваў сябе не зусім на сваім месцы. Айцец Гарошка хацеў працягваць вучыцца, прапаведваць, апавядаць пра рэлігійнае жыццё і беларускую культуру. Для гэтага, напэўна, не было лепшага месца, чым Ватыканскае радыё. Таму ён вельмі актыўна ўключыўся ў працу Беларускай рэдакцыі і паспрыяў павышэнню ўзроўня яе праграм. Пры ім, акрамя прамоў Папы і навінаў пра жыццё Касцёла, на хвалях Ватыканскага радыё сталі часцей гучаць праграмы, прысвечаныя хрысціянскім элементам беларускай культуры і творчасці беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, апавядалася пра гісторыю нашай краіны, неабходнасць духоўнага адраджэння, гучалі моцныя, навукова абгрунтаваныя адказы на атэістычную прапаганду. Дзейнасць рэдакцыі была вельмі каштоўнай для Касцёла ва ўмовах пераследу і гэта разумелі тагачасныя ўлады, якія падвяргалі айца Гарошку неапраўданай крытыцы і “глушылі” трансляцыі Ватыканскага радыё.

Канешне, у рамках адной праграмы немагчыма расказаць пра ўсе выдатныя постаці, якія прысвяцілі сваё жыццё і сілы працы ў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, але нават гэтых некалькіх прыкладаў дастаткова, каб убачыць што радыё Папы акрамя таго, што з’яўляецца каштоўнай прыладай евангелізацыі, з’яўляецца неад’емнай часткай беларускай культуры, з якой звязана дзейнасць нашых выдатных землякоў.