cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:
Ватыканскае радыё

Галоўная / Аўдыенцыі і малітва «Анёл Панcкі»

Быць Касцёлам – азначае несці Божае благаслаўленне ўсім


RealAudioMP3 Быць людзьмі, якія нясуць благаслаўленне ўсім народам зямлі – гэта, паводле папы Францішка, адна з мэтаў існавання Касцёла. Новы цыкл катэхез, прысвечаны сутнасці Касцёла, пачаў 18 чэрвеня 2014 г. Пантыфік падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра. Ён прызнаўся, што будзе дзяліцца сваімі разважаннямі “як сын, які апавядае пра маці або пра ўласную сям’ю”. Гаворка не ідзе ні пра структуру, сканцэнтраваную на сабе, ні пра прыватную асацыяцыю або пазаўрадавую арганізацыю, ні пра духавенства або Ватыкан. “Касцёл – гэта вельмі шырокая рэчаіснасць, адкрытая для ўсяго чалавецтва. Яна не нараджаецца ў лабараторыі, выпадкова, з нічога. Касцёл быў заснаваны Езусам, але з’яўляецца народам з доўгай гісторыяй за плячыма”, - заўважыў Пантыфік. Святы Айцец падкрэсліў, што фарміраванне Касцёла пачалося ўжо задоўга да ўцелаўлення Хрыста.

“Прадгісторыя” Касцёла апавядаецца яшчэ на старонках Старога Запавету – у Кнізе Быцця, калі Бог выбраў Абрагама, паклікаўшы яго пакінуць родную зямлю і ісці ў накірунку новай – указанай Богам. “У гэтым пакліканні Бог не звяртаўся да Абрагама асабіста, як індывідуума, але з самаго пачатку ўключыў у гэта яго сям’ю, сваякоў і ўсіх, хто служыў у яго доме. (...) Бог пашырыў гарызонт і напоўніў Абрагама сваім благаслаўленнем, абяцаючы яму столькі нашчадкаў, колькі зорак на небе і пясчынак на беразе мора. Першым важным фактам з’яўляецца тое, што, пачынаючы ад Абрагама, Бог фарміраваў народ, каб той нёс Яго благаслаўленне ўсім сем’ям зямлі. І сярод гэтага народа нарадзіўся Езус”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што не сам Абрагам збіраў народ вакол сябе – гэта рабіў Бог. Пан узяў ініцыятыву і фарміраваў народ з усіх тых, хто слухаў Яго слова і выходзіў на шлях, давяраючы Яму. Францішак адзначыў, што Абрагам і яго блізкія выйшлі ў падарожжа нават не ведаючы, куды Бог жадае іх прысвесці. Абрагам не меў падручніка па тэалогіі, каб зразумець кім быў Бог, ён толькі давяраў Яму – давяраў з любові, адзначыў Святы Айцец.

“Бог даў яму адчуць любоў і той даверыўся. Гэта, аднак, не азначае, што народ быў заўсёды перакананым і верным. Не, нават з самага пачатку існаваў супраціў, зварот да саміх сябе і ўласных інтарэсаў, спакуса гандлявання з Богам і вырашэння спраў уласным чынам. Гэтыя здрады і грахі пазначаюць шлях народа на працягу ўсёй гісторыі збаўлення, якая з’яўляецца гісторыяй даверу Бога і нявернасці народа. Бог, аднак, не стамляецца, Бог цярплівы, мае шмат цярпення і ў часе працягвае навучаць і фарміраваць свой народ, як бацька ўласнага сына. Бог крочыць з намі”, - сказаў Францішак.

Пантыфік адзначыў, што і сёння Бог падтрымлівае Касцёл, вернікаў, нягледзячы на іх грахі або заслугі. “Быць Касцёлам азначае адчуваць сябе ў руках Бога, Які з’яўляецца Айцом, Які нас любіць, суцяшае, чакае і дазваляе адчуць сваю пяшчоту. І гэта цудоўна!”, - адзначыў Францішак.

Папа заклікаў прасіць Бога аб ласцы наследвання Езуса і слухання Яго слова, гатоўнасці штодзённа выходзіць, як Абрагам, у накірунку сапраўднай айчыны, і такім чынам станавіцца благаслаўленнем – знакам любові Бога да ўсіх Яго дзяцей. “Мы хрысціяне з’яўляемся людзьмі, якія благаслаўляюць, якія здольныя даць благаслаўленне. Гэта цудоўнае пакліканне”, - падкрэсліў у заключэнні сваёй катэхезы Святы Айцец.