cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:
Ватыканскае радыё

Галоўная / Экуменізм

Францішак: пошук хрысціянскага адзінства – гэта не прывілей толькі пэўных асоб або супольнасцяў


RealAudioMP3 “Шмат супярэчнасцяў паміж хрысціянамі, якія дасталіся ў спадчыну ад мінулага, могуць быць пераадолены адкладаючы ў бок рознага роду палемічны або апалагетычны падыход і імкнучыся разам да глыбокага разумення таго, што нас аб’ядноўвае, а менавіта паклікання да ўдзелу ў таямніцы любові Айца, аб’яўленай нам праз Сына за пасрэдніцтвам Святога Духа”, - сказаў Пантыфік 25 студзеня 2015 г. падчас урачыстых Нешпараў у рымскай базыліцы св. Паўла за Мурамі. Набажэнства завяршыла Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціянаў. “Хрысціянскае адзінства не з’яўляецца вынікам тонкай тэарэтычнай дыскусіі, у якой кожны будзе спрабаваць пераканаць іншых у правільнасці сваіх поглядаў. Мы павінны разумець, што для таго, каб дасягнуць глыбіні таямніцы Бога, мы патрабуем узаемнай сустрэчы і абмену думкамі пад кіраўніцтвам Святога Духа, Які гарманізуе разнастайнасць і пераадольвае канфлікты”, - перакананы Папа.

Францішак спаслаўся на хрост, у якім “праз Святога Духа мы сталі адным з Хрыстом, сынамі ў Сыне, сапраўднымі прыхільнікамі Айца”. “Менавіта таямніца любові з’яўляецца самым глыбокім матывам адзінства; яна аб’ядноўвае ўсіх хрысціян і з’яўляецца нашмат большай ад падзелаў, якія мелі месца на працягу ўсёй гісторыі. Па гэтай прычыне, наколькі мы пакорліва наблізжаемся да Пана Езуса Хрыста, настолькі мы набліжаемся адзін да аднаго”, - лічыць Пантыфік.

Ён нагадаў евангельскі фрагмент пра сустрэчу Езуса з Самаранкай, з якой была ўзята тэма Тыдня малітваў: “Дай мне піць”. Папа заўважыў, што прыклад Хрыста заахвочвае да мірнага абмену думкамі з іншымі. Для таго, каб зразумець адзін аднаго і расці ў любові і праўдзе, трэба спыніцца і прыняць і слухаць адзін аднаго. Такім чынам, мы ўжо пачнём адчуваць адзінства, перакананы Францішак.

Пантыфік заўважыў, што сустрэча з Хрыстом аднавіла ў Самаранцы “сэнс і радасць жыцця”, і яна адчула жаданне падзяліцца гэтым з іншымі. “Сёння шмат мужчын і жанчын, стомленых і прагнучых, якія просяць нас, хрысціян, каб мы далі ім піць. Гэта просьба, ад якой мы не можам уцячы. У пакліканні быць евангелізатарамі ўсе Цэрквы і супольнасці знаходзяць важную прастору для больш цеснага супрацоўніцтва. Для таго, каб паспяхова выконваць гэту задачу, трэба пазбегнуць замкнутасці ў партыкулярызме і эксклюзівізме, а таксама навязвання аднастайнасці паводле чыста чалавечых планаў. Агульныя абавязацельствы абвяшчаць Евангелле дазваляюць пераадолець усе формы празелітызму і спакус канкурэнцыі. Усе мы служым аднаму і таму ж Евангеллю!”, - падкрэсліў Францішак і дадаў, што пошук хрысціянскага адзінства не можа быць прывілеем толькі пэўных асоб або рэлігійных супольнасцяў.

Малітвы падчас экуменічнага набажэнства прачыталі, у прыватнасці, праваслаўны Мітрапаліт Генадзіос, прадстаўнік Канстантынопальскага Патрыярхату і епіскап Дэвід Моксан, асабісты прадстаўнік Архіепіскапа Кентэрберыйскага. Прадстаўнікі розных Цэркваў і супольнасцяў таксама чыталі фрагменты Святога Пасання.