cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:
Ватыканскае радыё

Галоўная / Касцёл / Касцёл у свеце

Католікаў у свеце стала на 139 мільёнаў больш


У 2005-2013 гадах колькасць католікаў у свеце павялічылася больш чым на 12%, з амаль 1,115 млрд. да 1,254 млрд., адзначае апошні Статыстычны штогоднік Касцёла (Annuarium Statisticum Ecclesiae 2013). Ён выйшаў у Ватыкане адначасова з папскім штогоднікам – “Annuario Pontificio 2015”. Гэтыя публікацыі рыхтуе Цэнтральная статыстычная служба Касцёла. Працэнтны ўдзел католікаў у насельніцтве свету ўзрос з 17,3% да 17,7%.

Апошнія дадзеныя паказваюць, што самы высокі працэнт католікаў у Паўночнай і Паўднёвай Амерыках – 63,6%, у Еўропе – 39,9%, самы нізкі паказчык мае Азія, дзе католікі складаюць 3,2%.

У 2013 г. хрост прынялі больш за 16 млн. дзяцей і дарослых. У той жа час штогоднік звяртае ўвагу на тое, што агульня тэндэнцыя спаду колькасці хросту дзяцей, цесна звязаных з памяншэннем нараджальнасці ў многіх краінах. Аказваецца, што колькасць ахрышчаных ва ўзросце да 7 гадоў у адносінах да агульнай колькасці католікаў зніжаецца з 2008 г. на ўсіх кантынентах.

З дадзеных “Annuario Pontificio” вынікае, што з 22 лютага 2014 г. па 14 лютага 2015 г. 1 дыяцэзія і 2 епархіі атрымалі статус архідыяцэзіі і архіепархій, былі створаны 3 новых дыяцэзіі, 3 епархіі і 1 экзархат, 1 тэрытарыяльная прэлатура стала дыяцэзіяй, а 1 Апостальская прэфектура – Апостальскім вікарыятам.

Іншыя дадзеныя гавораць, што ў канцы 2013 г. колькасць біскупаў у маштабах усяго Касцёла павялічылася на 40 і цяпер складае 5 173. Больш стала і святароў – 415 348 у параўнанні з 414 313 год таму. На гэты ўзрост паўплывалі ў асноўным мясцовыя Касцёлы ў Афрыцы, Азіі і часткова ў Паўднёвай Амерыцы. Па-ранейшаму захоўваецца зніжэнне ліку духавенства ў Еўропе. Адбылося таксама значнае павелічэнне колькасці сталых дыяканаў – на больш за тысячу, цяпер іх – 43 195.

Крыху скарацілася колькасць законных братоў: з 55 314 у канцы 2012 г. да 55 253 праз год. Працягвае падаць, прычым дастаткова дынамічна, колькасць законніц – у 2013 г. іх было на 1,2% менш, чым годам раней, і на 6,1% менш, чым у 2008 г. Цяпер іх 693 575. Найбольшае памяншэнне колькасці законніц на працягу апошніх пяці гадоў адбылося ў Паўночнай Амерыцы – на 16,6%, і Еўропе – на 12,6%.

У апошні час памяншаецца колькасць кандыдатаў да святарства, як дыяцэзіяльных, так і законных, хоць і не нашмат: калі ў канцы 2011 г. было 120 616 семінарыстаў, у 2012 г. – 120 051, то ў 2013 г. – 118 251. Варта адзначыць, што ў канцы 1978 г., калі Папам стаў Ян Павел II, колькасць кандыдатаў да святарства была крыху большай 62 тыс.