cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:
Ватыканскае радыё

Галоўная / Касцёл / Касцёл у Беларусі

Новы беларускі біскуп расказаў з чаго пачне служэнне


Радасная навіна аб прызначэнні новага дапаможнага біскупа ў Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію, была абвешчана 9 чэрвеня 2015 г. у мінскім архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Панны Марыі. Яе сустрэлі апладысментамі шматлікія прысутныя святары і біскупы, законніцы, журналісты. Намінацыйны ліст Святога Пасаду зачытаў Апостальскі нунцый у Беларусі. Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці не стаў цягнуць з агучэннем яго зместу, а потым нагадаў сабраўшымся аб цяжкіх часах атэістычнай навальніцы на тэрыторыі краіны, не менш цяжкіх гадах адраджэння Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. 

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы таксама падкрэсліў тое, што Святы Айцец с асаблівымі пачуццямі адносіцца да Беларусі і ведае пра праблемы і патрэбы мясцовага Касцёла. Менавіта таму новапрызначанны біскуп будзе несці служэнне на магілёўскай частцы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, каб падтрымліваць мясцовыя каталіцкія супольнасці і дапамагаць ім узрастаць і развівацца. Працаваць “з потам на чале і з запалам у сэрцы” пажадаў Апостальскі нунцый новапрызначаннаму іерарху.   

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі ў сваю чаргу адзначыў, што прызначэнне ў Беларусь новага біскупа – падзея гістарычная. Нягледзячы на тое, што на прыканцы 2013 г. папа Францішак ужо прызначыў трох новых іерархаў, сённяшняя навіна – яшчэ адзін доказ павагі і ўвагі Святога Айца да Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.  

Іерарх выказаў ўдзячнасць Пантыфіку і Апостальскаму нунцыю за тое, што беларускі епаскапат за кароткі час павялічыўся ў два разы, і такога росту не мае, магчыма, ніводная краіна ў свеце. Гэта значыць, што ўсе актуальныя праблемы і задачы можна будзе вырашаць хутчэй і эфектыўней. 

Таксама сiмвалiчна, што як законнiк-салезіянін Аляксандр Яшэўскі прызначаны бiскупам у Год кансэкраванага жыцця i ў юбiлей 200-годдзя нараджэння св. Яна Боска – заснавальніка супольнасці да якой ён належыць. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў, што цяжкасць выбару кандыдата ў біскупы ў Беларусі абумоўлівае малады ўзрост святароў, але з іншага боку гэта – таксама і вялікая радасць. 

Увогуле ж патрабаванні да асабістых якасцяў біскупаў заўсёды вельмі высокія, адзначыў Мітрапаліт. “Маладосць – гэта вельмі добра, гэта энэргія і моц. Але таксама трэба высокая маральнасць, адукацыя, нават, паводле кананічнага права. Бывае так: адзін годны, але не здольны. А іншы здольны, але не годны. Трэба мець таксама добрыя арганізатарскія здольнасці, нават быць такім менэджэрам, духоўным у першую чаргу. І гэта яшчэ не ўсё. Галоўнае заданне біскупа – гэта абвяшчэнне Евангелля. Трэба быць настаўнікам веры. А Божае слова трэба абвяшчаць сёння яшчэ мацней, чым нават стагоддзе таму, бо бачым шмат новых выклікаў і трэба на іх адказваць”, - сказаў іерарх. 

Біскуп-намінат Аляксандр Яшэўскі таксама падзякаваў усім сабраўшымся, адзначыўшы, што менавіта праз арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які удзяліў яму сакрамент канфірмацыі, ён прыйшоў да святарства. У інтэрв’ю ён прызнаўся, што пакуль слаба ведае пра становішча спраў на Магілёўшчыне, таму пачне сваё служэнне са знаёмства з людзьмі. 

“У першую чаргу ад распазнання той сітуацыі ў якой знаходзіцца Каталіцкі Касцёл там. Са знаёмства са святарамі, з кансэкраванымі асобамі і ў першую чаргу з вернікамі. Думаю, што гэта будзе мой пачатак. Я быў у Магілёве яшчэ клерыкам у 1993 годзе, калі ішла пілігрымка са Смаленска, на фестываль “Магутны Божа”. Таму Магілёўшчына для мяне новая і я буду яе з ахвотай пазнаваць”, - сказаў ён.

Кс. Аляксандр Яшэўскі расказаў, што сёлета адзначае 15-годдзе святарства. Яго біскупская сакра адбудзецца 27 чэрвеня 2015 г. ў мінскай катэдры. Затым новапрызначаны іерарх пачне служэнне згодна са словамі свайго дэвізу, які кажа, што калі ў цябе ёсць Бог, у цябе ёсць усё.