2015-10-27 13:22:00

1000-старонкавы малітоўнік “на ўсё жыццё” выдалі ў Пінску


Адметнасцю ўрачыстасцяў 90-годдзя Пінскай дыяцэзіі, якія пачаліся ўжо сёння, стала яшчэ адна гістарычная падзея. Да свята прымеркаванае выданне малітоўніка на беларускай мове пад назвай “Бог добры” – найбольшага па змесце і самага шматстаронкавага ў гісторыі Касцёла ў Беларусі. Там сабраныя ўсе распаўсюджаныя і амаль забытыя малітвы, набажэнствы, спевы, характэрныя для Касцёла на нашых землях. Памер малітоўніка – больш за 1000 старонак.

Цікава, што кніга нараджалася каля дзевяці месяцаў – прыкладна столькі доўжылася праца над малітоўнікам. Падрабязнасці ў інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё распавёў галоўны рэдактар малітоўніка, пробашч пінскай катэдры, місіянер-аблат Беззаганнай Марыі айцец Пётр Бялевіч: “Малітоўнік стварылі непрафесіянальнай групай з чатырох чалавек, вырашылі зрабіць малітоўнік, які калісьці мелі нашы бабулі. Бо шмат разоў, калі я ездзіў па Беларусі, людзі пыталіся, а што ў вас за кніга, паказваючы на брэвіарый, а чаму ў вас так многа малітваў, а ў нас столькі няма. Людзі прасілі такі малітоўнік, дзе было б шмат малітваў. І я падумаў, а чаму праўда не зрабіць малітоўнік на ўсе выпадкі жыцця? Шукаць далёка не трэба было, бо старых кніжак хапае ў кожнага святара, праўда, большасць на польскай мове. Людзі прыносяць, часам, малітоўнікі ад сваіх памерлых бабуляў, кніжкі, якім сто або нават больш гадоў”.

У малітоўнік “на ўсё жыццё”, якім бы чалавек мог карыстацца ў самых розных сітуацыях, уключылі не толькі асноўныя, найважнейшыя малітвы. У новай кніжцы 36 літаній, Ютрань, нядзельныя Нешпары, малітвы ў падарожжы, на провады хлопца ў войска, на жаніцьбу, шмат старадаўніх малітваў за памерлых, сакрамэнты. Складальнікі малітоўніка карысталіся не толькі польскімі кніжкамі, але і ўжо зробленымі перакладамі малітваў з часопіса “Авэ Марыя”, з інтэрнэту, а пасля аддалі сабраны матэрыял спецыялісту беларускай мовы, які ўнёс карэктуры.

“Малітоўнік выдалі для таго, каб людзі маглі чытаць, пазнаваць, быць з Богам, таму назвалі кніжку цытатай з Бібліі – “Бог добры”, што часта сустракаецца у псальмах. Малітоўнік як бы заахвочвае чалавека: не бойся пагаварыць з Богам, Ён добры! Ён хоча твайго шчасця, хоча тваёй радасці, хоча табе дапамагчы, навучыся размаўляць з добрым Богам! Дзякуем Пану Богу, што мы змаглі рэалізаваць гэтую ідэю”, - падзяліўся айцец Пётр.

Кніжку выдала Душпастырства сем’яў Пінскай дыяцэзіі і місіянеры-аблаты Беззаганнай Марыі накладам у некалькі тысяч асобнікаў, але калі будуць жадаючыя набыць малітоўнік з іншых дыяцэзій, можа быць надрукаваны дадатковы тыраж. З выданнем можна будзе ўпершыню пазнаёміцца на юбілеі дыяцэзіі ў Пінску і пасля гэтага малітоўнікі перададуць у парафіі дыяцэзіі.

Таксама да 90-годдзя дыяцэзіі выдадзеная спецыяльная брашура на базе пінскай катэдральнай газеты “Добра, што ты ёсць”. На 20-ці старонках брашуры – асноўныя звесткі па гісторыі і сучаснасці дыяцэзіі, духоўнай семінарыі у Пінску, знакавых пастырах, мясцовых святых і благаслаўлёных, пра пінскіх біскупаў.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.








All the contents on this site are copyrighted ©.