cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:
Ватыканскае радыё

Галоўная / Касцёл / Экуменізм

Пантыфік: не існуе экуменічнага дыялогу без прабачэння


7 снежня 2015 г. будзе адзначацца 50-годдзе знамянальнай падзеі ў гісторыі каталіцка-праваслаўных адносін. У 1965 г., напярэдадні завяршэння Другога Ватыканскага Сабору, папа Павел VI і Патрыярх Канстантынопальскі Афінагор выступілі з сумеснай заявай. Яны адмянілі ўзаемныя экскамунікі і далі пачатак актыўнаму збліжэнню паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, што працягваецца і сёння. Аб гэтым нагадаў 6 снежня 2015 г., падчас сустрэчы з вернікамі на нядзельнай малітве “Анёл Панскі”, папа Францішак.

Раскол на усходніх і заходніх хрысціян у 1054 г. быў адным з самых балючых пытанняў у гісторыі Касцёла. Яго вынікамі сталі шматвяковыя ўзаемныя абвінавачванні і адсутнасць дыялогу і павагі, што на працягу амаль тысячы гадоў перашкаджала плённа сведчыць аб евангельскім пасланні. Сёння, калі вядзецца экуменічны дыялог і ідзе працэс пераасэнсавання прычын расколу, усе сыходзяцца на тым, што падзел быў вынікам, перш за ўсё, недахопу павагі і любові адзін да аднаго, асабістых амбіцый і няздольнасці весці дыялог.

Плёнам адмены ўзаемных экскамунік Паўлам VI і Афінагорам стала традыцыя, якая склалася у 1969 г., штогадовага абмену дэлегацыямі на важныя касцёльныя ўрачыстасці. Праваслаўная дэлегацыя наведвае Рым ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла, а каталіцкая – Стамбул, сядзібу Канстантынопальскага Патрыярха, з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя. Некалькі разоў дэлегацыі ўзначальвалі кіраўнікі абодвух Касцёлаў: Ян Павел ІІ наведаў Стамбул у 1979 г., а Бэнэдыкт XVI – у 2006 г. Рым неаднаразова наведвалі Канстантынопальскія Патрыярхі: Афенагор, Дзімітрыас і Барталамей І.

“Гэта сапраўды Божы Провід, што гістарычны жэст прымірэння, які стварыў умовы для новага дыялогу паміж праваслаўнымі і католікамі ў любові і праўдзе, узгадваецца ў самым пачатку Юбілею Міласэрнасці”, - падкрэсліў 6 снежня 2015 г. пасля марыйнай малітвы папа Францішак.

На думку Папы, “не існуе сапраўднага шляху да адзінства без просьбы аб прабачэнні, скіраванай да Бога і адзін да аднаго, за грэх падзелу”. Ён заклікаў каталіцкіх вернікаў “узгадаць у малітвах дарагога Патрыярха Барталамея і іншых кіраўнікоў Праваслаўных Цэркваў, і прасіць Пана аб тым, каб адносіны паміж католікамі і праваслаўнымі заўсёды былі натхнёныя братэрскай любоўю”.