cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:
Ватыканскае радыё

Галоўная / Касцёл / Экуменізм

Мінск: соль і вада – сімвалы экуменічнай малітвы


Беларусь рыхтуецца да чарговага Тыдня малітвы аб еднасці хрысціян. Па традыцыі, у Каталіцкім Касцёле яна праводзіцца з 18 па 25 студзеня, з 1968 года, і сёлета, атрымліваецца, будзе арганізавана ў 49 раз. 

Беларусь ужо доўгія гады далучаецца да гэтай ініцыятывы, і з цягам часу заклік да адзінства не траціць сваёй актуальнасці, а наадварот, толькі вастрэй адчуваецца неабходнасць такой малітвы, адзначыў кс. Дзмітрый Пухальскі, канцлер курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.  “Езус маліўся, каб усе былі адзінымі. І вось адсутнасць гэтага адзінства хрысціян – вялікі боль і для католікаў, і для іншых хрысціян. Гэты грэх падзелу ўжо цягнецца тысячу гадоў ці нават больш. Можна казаць аб нейкіх сумесных праектах ці планах, але, на жаль, да адзінства – яшчэ вельмі доўгая дарога, але мы не губляем надзеі”, - сказаў святар у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Менавіта, каб скараціць шлях да адзінства хрысціян і праводзіцца штогод Тыдзень малітвы. Звычайна прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій – а гэта католікі, праваслаўныя, пратэстанты – на прапанову аб удзеле ў такой справе адклікаюцца вельмі ахвотна, падкрэсліў кс. Дзмітрый Пухальскі. Тым больш, Каталіцкі Касцёл напрыканцы 2015 г. уступіў у Год Міласэрнасці і менавіта пад знакам Божай Міласэрнасці і пройдзе Тыдзень малітвы аб еднасці хрысціян. 

“Галоўная асаблівасць гэтага года: Тыдзень малітвы аб адзінстве хрысціянаў мы будзем перажываць у Год міласэрнасці. Тэма малітоўнага спаткання: абвяшчаць вялікія справы Пана. Касцёл хоча заахвоціць хрысціян усіх канфесій памятаць аб тым, што Бог паклікаў нас сведчыць аб Яго вялікіх справах: аб яго міласэрнасці, дабрыні, любові. Каб усе мы памяталі, што ўсе хрысціяне маюць адзіную місію – быць соллю зямлі і святлом гэтага свету”, - патлумачыў святар.    

Кульмінацыяй Тыдня заўсёды з’яўляецца экуменічная сустрэча. У гэтым годзе ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі яна пройдзе ўпершыню не толькі ў мінскім архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі, але і ў магілёўскім касцёле св. Станіслава. Абодва экуменічныя спатканні запланаваны на 23 студзеня 2016 г. “Кожны год ёсць нейкая ізюмінка ў праграме сустрэчы. Сёлета падчас яе будуць выкарыстаны соль і вада як хрысціянскія сімвалы, і кожны з удзельнікаў будзе рабіць пэўны знак, пэўны жэст, аб якім стане вядома крыху пазней. І гэта будзе асаблівасцю гэтых двух сустрэч”, - раскрыў невялікі сакрэт сцэнарыя канцлер курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

“Пунктаў адзінства” ў хрысціянскіх канфесій больш, чым таго, што можа падзяляць, упэўнены святар. Маліцца адзін за аднаго, дэманстраваць адзіную пазіцыю ў адстойванні маральных каштоўнасцяў, мець няўхільную пазіцыю ў барацьбе з выклікамі сучаснасці – вось тое, што кожны дзень, а не толькі падчас сусветнай ініцыятывы, аб’ядноўвае сёння хрысціян.

Ларыса Абрамчук, Мінск.