cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:
Ватыканскае радыё

Галоўная / Касцёл / Касцёл у Беларусі

Беларусь: Сінод можа паспрыяць з’яўленню моладзевых лідэраў


Душпастыры моладзі Касцёла ў Беларусі маюць надзею, што будучы Сінод Біскупаў дапаможа ўдасканаліць працу з маладымі людзьмі і паспрыяе выхаванню новых лідэраў. А імпульсам для абрання тэмы асамблеі для Папы маглі стаць Сусветныя дні моладзі ў Кракаве, якія яго вельмі кранулі, лічыць душпастыр моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, кс. Антоні Грэмза, які ўжо больш за дзесяць гадоў працуе з маладымі людзьмі. Існуючыя выклікі і праблемы гавораць аб тым, што трэба імкнуцца больш разумець моладзь, каб яна была падпорай Касцёла. 

Святар дадаў, што расце колькасць маладых людзей, якія не хочуць быць у Касцёле, бо не разумеюць, чаму павінны гэта рабіць і як сябе тут рэалізаваць. “Узрастае матэрыялізм, у сэрцах маладых людзей нараджаецца вельмі вялікая спакуса, каб аддаліцца ад духоўных і звышнатуральных каштоўнасцяў. Моладзь не адчувае ў сабе духоўнай прыемнасці быць вернымі Хрысту, жыць паводле Евангелля, захоўваць Божы запавет. І гэта заклік да Касцёла, каб сумесна, разам знайсці добрае рашэнне, каб моладзь магла бачыць у Хрысце свайго адзінага Збаўцу і магла самарэалізавацца ў Касцёле праз розныя формы дзейнасці, праз тое, што яна будзе адчуваць сябе неабходнай у парафіях, дыяцэзіях”, - сказаў кс. Антоні Грэмза.

У сваю чаргу, душпастыр моладзі Пінскай дыяцэзіі, кс. Павел Рудзьман лічыць, што тэма будучага Сіноду заўсёды актуальная, бо ад таго, як выхоўваецца моладзь, залежыць, наколькі Касцёл будзе моцным у далейшым. Галоўнае, што чакаюць лідэры маладых вернікаў ад будучай біскупскай асамблеі, – вырашэнне пытання аб падрыхтоўцы душпастыраў моладзі. Трэба стварыць добрую групу з асоб як духоўных, так і свецкіх, – каардынатараў душпастырства моладзі.

“Агульны падыход папы Францішка да моладзі быў бачны ў Кракаве падчас Сусветных дзён моладзі, ён з турботаю заклікаў маладых людзей, каб яны выйшлі са сваіх кватэр, са сваіх гаджэтаў. Праблематыка моладзі не толькі каталіцкай, але і ўвогуле, і ў нас, і ва ўсёй Еўропе, – культурныя каштоўнасці, маральнасць і тэматыка сям’і, а менавіта – паклікання. Моладзь не ведае, што з сабою рабіць. Малады чалавек скончыў школу, пайшоў далей вучыцца, але ці шчаслівы ён у гэтым? У Беларусі мы не маем агульнай праграмы працы з моладдзю. Ёсць асобныя парафіі, дзе нехта штосьці арганізоўвае, але калі браць увогуле, акрамя катэхэзы, сустрэч моладзі, пілігрымак, няма нічога, няма базы, няма фундаменту”, - адзначыў душпастыр моладзі Пінскай дыяцэзіі ў інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Таму першае, на што трэба звярнуць увагу, паводле кс. Паўла, – падрыхтоўка каталіцкіх лідэраў, якія будуць весці за сабой. Для таго, каб асобна займацца душпастырствам моладзі, Касцёл у Беларусі не мае столькі святароў. Таму патрэбна школа аніматараў у тым ліку і са свецкіх вернікаў. “Калі займацца з маладымі людзьмі і яны пойдуць далей, то будуць цягнуць за сабой і іншую моладзь. Са сваёй практыкі скажу, што для маладых людзей важна, каб быць з імі, мець для іх час, быць адкрытым на іх патрэбы, не гнаць іх перад сабой, а весці за сабой, быць прыкладам”, - адзначыў святар. 

Таксама душпастыру хацелася б развіцця дыялогу па справах моладзі паміж дыяцэзіямі ў Беларусі – каб святары мелі магчымасць сустракацца і абмяркоўваць паміж сабой агульную праграму. І яшчэ адна тэма, якую варта было б закрануць на сінодзе, - праблема інтэрнэту. “Мы часта чуем, што інтэрнэт – гэта дрэнна, што маладыя людзі праводзяць там шмат часу, але сучасная моладзь не можа жыць без інтэрнэту, гэта іншае пакаленне, а мы глядзім на іх вачыма пакалення 80-х ці 90-х. Таму трэба стварыць хрысціянскі аналаг сацыяльным сеткам, які будзе цікавым”, - прапанаваў душпастыр.

Нагадаем, Святы Айцец Францішак вырашыў, што ў кастрычніку 2018 г. пройдзе XV Генеральная Звычайная Асамблея Сінода Біскупаў па тэму: “Моладзь, вера і распазнанне паклікання”.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.